Yin-Jan

Застаўся месяц

Канары


За век свой доўгі дзед Кузьма
Ня быў нідзе ў краях чужацкіх, —
Як быццам іх зусім няма,
А калі ёсьць — дык толькі ў казцы.

Ды, пабываўшы на сяле,
Пачуў пра нейкія Канары,
Дзе можна гойсаць у сядле
І есьці лыжкамі кальмараў.

Ах, і які ж цудоўны край!
Там смакаты — расьперажыся:
Ляжы на сонцы, загарай,
Адно, каб сьцёгны не сьпякліся.

Дзівос наслухаўшыся, дзед
Гукнуў унука свайго, Вову,
І пра Канары тут як сьлед
Павёў нясьпешную размову.

— Вось жа, унуча мой, ёсьць край,
Што, бач, Канарамі завецца.
Дабра там столькі — хоць збаўляй,
А рыбы — гаць гаці, здаецца.

Ўюны, кальмары, шчупакі,
Ляшчы ды карасі таўстыя,
Вядуцца плоткі, акуні,
Самы вусатыя такія.

А жыўнасьць дзікая ў лясах
Там ходзіць проста касякамі, —
Куніц, зайцоў, казуляў — страх! —
Бяры хоць голымі рукамі.

А што ўжо ліс і барсукоў,
Як ні старайся ты — ня зьлічыш, —
На сто дзябёлых едакоў
Уежнай і смакотнай «дзічы»!

От гэта казка, а ня край!
Адзін назоў яму — Канары!
Дальбог, найлепшы ў сьвеце рай,
Куды патрапіць кожны марыць.

Стаяў і слухаў моўчкі шкет,
Ды і спытаць нарэшце мусіў:
— А дзе ж Канары тыя, дзед?
— Як дзе? Вядома, у Беларусі!


© Валеры Максімовіч.

Yin-Jan

Як знайсьці свой ровар

Прыватны выпадак, бо мне моцна пашанцавала.












Дзень К(радзяжу). Я прыехаў да месца паркоўкі і не застаў там ровара. Абышоў ваколіцы, іншыя паркоўкі побач, адшукаў нумар суседняга дому (давялося ісьці да самага канца шматпавярхоўкі, але міліцыі патрэбны адрас вашага месцазнаходжаньня). Урэшце набраў 102. Крыху пачаў хвалявацца ўжо толькі тады, калі ў жывым этэры зь міліцыянткай знайшоў побач з паркоўкай свой перакушаны вэлязамок. Не чапаць рукамі — на ім могуць быць адбіткі пальцаў…


Collapse )
Bobulot

Што рабіць, калі скралі ровар?

Прыкладны плян дзеяньняў пасьля крадзяжу вашага ровара.

1. Работа на месцы:

1.1. Запішыце адрас ці пастарайцеся апісаць для сябе дакладнае месца прапажы;

1.2. Вызначце пэрыяд выкраданьня ровара;

1.3. Агледзьцеся, ці не трапляе гэтае месца ў агляд камэраў назіраньня;

1.4. Пастарайцеся знайсьці сьведак, запішыце іхнія кантакты;

1.5. Не пакідаючы месца злачынства, патэлефануйце ў міліцыю на кароткі нумар 102.

2. Што вам можа спатрэбіцца перад зваротам у міліцыю:

2.1. Пажадана, каб перад зваротам у міліцыю вы ўжо валодалі інфармацыяй  пра марку, мадэль выкрадзенага ровара, нумар ягонай рамы; дакумэнтамі на  ровар (касавыя квіткі, выпіскі); фатаздымкамі ровара;

2.2. Пашпарт ці пасьведчаньне асобы.

3. З прыбыцьцем міліцыі:

3.1. Максымальна падрабязна і поўна прадастаўце інфармацыю пра крадзеж  вашага ровара (кіруючыся зьвесткамі з пунктаў 1 і 2); калі вы  непаўнагадовы, дык для падачы заявы вам патрэбны адзін з бацькоў;

3.2. Акрамя маркі і мадэлі скрадзенага ровара апішыце як мага  падрабязьней ровар: адметныя асаблівасьці, налепкі, драпіны, магчымыя  няспраўнасьці.

3.3. Абавязкова пазначце кошт ровара з усімі аксэсуарамі і мадыфікацыямі;

3.4. На патрабаваньне супрацоўнікаў міліцыі вазьміце ўдзел ва ўсіх  першапачатковых сьледчых дзеяньнях на месцы зьнікненьня вашага ровара.

4. Вядзіце самастойнае расьсьледаваньне:

4.1. Зьмясьціце інфармацыю пра зьнікненьне на ўсіх магчымых форумах, расклейце абвесткі з фатаздымкамі ровара;

Collapse )
Angeldog

Будуць шчасьлівыя міласэрныя


Узношу свой позірк у нябёсы, хто ж
мне дапаможа?
У Пану мая дапамога, бо Ён —
міласэрны Бог.

Усіх заблуканых шукае Ён,
прагне ласкава абняць,
Вылечыць раны крывёй уласных ран,
нам вярнуць жыцьцё.

Будуць шчасьлівыя міласэрныя,
Таму што самі міласэрнасьць спазнаюць.
Будуць шчасьлівыя міласэрныя,
Таму што самі міласэрнасьць спазнаюць.


Хто, калі б Пан не прабачыў правін,
уратавацца б змог?
Ён жа заўжды прабачае, і мы
будзьма як наш Бог.

Будуць шчасьлівыя міласэрныя,
Таму што самі міласэрнасьць спазнаюць.
Будуць шчасьлівыя міласэрныя,
Таму што самі міласэрнасьць спазнаюць.


Сына крывёй зьнішчыў Бог наш грэх,
Сын зьнішчыў сьмерць і ўваскрос.
Езус наш Пан — кажа ў сэрцах Дух.
Чуй жа гэта, увесь сьвет.

Будуць шчасьлівыя міласэрныя,
Таму што самі міласэрнасьць спазнаюць.
Будуць шчасьлівыя міласэрныя,
Таму што самі міласэрнасьць спазнаюць.


Адкінь жа страх і верным будзь,
Свой клопат Богу давер.
Надзея ў ім, бо Ён уваскрос,
Езус Пан жыве.

Будуць шчасьлівыя міласэрныя,
Таму што самі міласэрнасьць спазнаюць.
Будуць шчасьлівыя міласэрныя,
Таму што самі міласэрнасьць спазнаюць.

Collapse )
Yin-Jan

Наставі юнака на пачатку шляху ягонага: ён ня збочыць зь яго, калі й састарыцца



Collapse )

Если, путь пpоpубая
  Отцовским мечом,
Ты солёные слёзы
  На ус намотал,
Если в жаpком бою
  Испытал, что почём, —
Значит, нужные книги
  Ты в детстве читал!

  • Current Music
    Уладзімер Высоцкі — Баляда пра барацьбу
  • Tags
Ваўкалак

10 фактаў пра Канарскія астравы

10. Не адна, а дзьве сталіцы

Санта-Круз-дэ-Тэнэрыфэ і Ляс-Пальмас-дэ-Гран-Канарыя разьмяшчаюцца на двух найбольшых астравох і ўдваёх дзеляць статус сталіцы архіпэлягу. Санта-Круз-дэ-Тэнэрыфэ таксама ладзіць другі паводле папулярнасьці і відовішчнасьці карнавал у сьвеце, які штолютага прывяблівае мільёны турыстаў.

9. Востраў сабак

Узгадваючы назву «Канарскія астравы», на розум адразу прыходзіць маленькая жоўтая птушка. Аднак найменьне Islas Canarias паходзіць ад лацінскага тэрміну Insula Canaria, які азначае «Сабачы востраў». Лічыцца, што гэтым «сабакамі» былі насамрэчы цюлені-манахі, якія па-лацінску называюцца «марскімі сабакамі». Цяпер яны знаходзяцца пад пагрозай выміраньня і больш не жывуць у водах Канарскага архіпэлягу. Існуе таксама легенда, нібыта мясцовыя абарыгены пакланяліся сабакам, муміфікавалі іх і абыходзіліся як са сьвятымі, таму, калі рымляне ўпершыню трапілі на востраў, дык назвалі яго «канарыі», што азначае «тыя, што з сабакамі».

8. Бліжэйшыя да Афрыкі, чымся да Эўропы

Канарскія астравы знаходзяцца ля паўночна-заходняга ўзьбярэжжа Афрыкі і нашмат бліжэйшыя да экватару, чым кантынэнтальная Гішпанія. Архіпэляг складаюць 7 вялікіх і некалькі меншых астравоў, усе вульканічнага паходжаньня: Тэнэрыфэ, Фуэртэвэнтура, Гран-Канарыя, Лянсаротэ, Ля-Пальма, Ля-Гамэра, Эль-Ера, выспы Ля-Грасьёса, Алегранса, Мантанья-Кляра, Роке-дэль-Эстэ, Роке-дэль-Аэстэ ды Лёбас.

7. Гара Тэйдэ — трэці найвялікшы вулькан у сьвеце

Вулькан знаходзіцца на востраве Тэнэрыфэ — самым населеным ня толькі з Канараў, але і ва ўсёй Гішпаніі, — і зьяўляецца асноўнай турыстычнай славутасьцю, якую шторок наведваюць 3 мільёны турыстаў. Вульканічная прырода астравоў стварыла шэраг «натуральных пляжаў» з прыгожай чорнай галькі ці пяску, якія выгадна вылучаюць Канары сярод іншых курортаў.

6. Субтрапічны клімат

Канарскім астравом пашэнціла мець цёплае надвор’е круглы год: улетку дні гарачыя і даўгія, узімку хоць і халаднейшыя, аднак усё ж даволі цёплыя.

5. Люча Канарыя — канарская барацьба

Уласны від спорту астравіцянаў — канарская барацьба — паходзіць з часоў гуанчаў, абарыгенных насельнікаў вострава. Лічыцца, што спаборніцтвы зьявіліся прыкладна ў 1420 року, аднак да нашых дзён дайшла толькі частка правілаў і тэхнікі. Дысцыпліна трывала ўвайшла ў мясцовы фальклёр, спаборніцтвы звычайна ладзяцца на сьвяты ці мясцовыя фэсты. Гэта адзін зь першых відаў баявых мастацтваў сьвету. Цяпер турніры можна пабачыць у некалькіх гарадох Канараў.

4. Дзіўная, дзівосная ежа

Ежа — неад’емная частка канарскай культуры. Астраўная кухня мае некалькі пацешных далікатэсаў, напрыклад «моха» — соўс, які ў залежнасьці ад складнікаў можа быць аранжавым, чырвоным ці зялёным. У ім багата часныку і спэцыяў: алей, воцат, соль, чырвоны перац, чабор, рэган, каляндра ды іншыя. Яшчэ адна клясычная канарская страва называецца «ропа ўеха», то бок «лахманы» — гатуецца яна з курыцы і ялавічыны, зьмяшанай з бульбай і нутам!

3. Радзіма рэдкай буйнагаловай чарапахі

Калі вырашыце зьдзейсьніць незабыўнае падводнае плаваньне, дык можа пашчасьціць натрапіць на адну з найбольшых цьвёрдапанцырных чарапах у сьвеце — выміраючучю буйнагаловую марскую. Дарослыя самцы дасягаюць даўжыні амаль мэтар і жывуць 47—67 гадоў.

2. Водны тайскі рай

На поўдні Тэнэрыфэ варта наведаць самазваны «найбольш захапляльны водны атракцыён у Эўропе» — Сіямскі парк. У аквапарку, збудаваным за 52 мільёны эўра, усе горкі, будынкі, рэстараны збудаваныя ў тайскім стылі. У парку налічваецца 25 будынкаў, таму большага збору тайскай архітэктуры вы не пабачыце нідзе, акрамя Тайлянду. Дазвол на назву і дызайн парку стваральнік Крыстаф Кісьлінг запытваў у тайскай каралеўскай сям’і, а ў цырымоніі адкрыцьця парку ўзяла ўдзел Ейная каралеўская мосьць прынцэса Тайлянду Мага Чакры Сырындгорн.

1. Прыродныя басэйны

У старым месьце Пуэрта-дэ-ля-Крусу знаходзяцца ўражвальныя натуральныя салёныя басэйны, створаныя знакамітых ляндшафтным архітэктарам Сэзарам Манрыке. Клмплекс Лідо Мартыянэс складаецца з 7 басэйнаў, распранальняў, субтрапічных дрэваў і расьлінаў, агромністага фантану, джакузі, гульнявых пляцовак, рэстаранаў ды нават падземнай дыскатэкіі казіно.

Так што, калі вы шукаеце эклектычнага і культурнага адпачынку, хутчэй за ўсё вандроўка на Канары прыйдзецца вам даспадобы.

Пераклад з Туропіі

пацюпа

З трасянкі на мову

З трасянкі на мову

Тыповыя лексычныя абмылы, хібы, недакладнасьці

 

Маштабаў змаскальваньня беларускае мовы мы на’т не ўяўляем. А калі сутыкаемся з гэтым – ня хочацца даваць веры. Цяжка пагадзіцца з тым, што добрых перакладных слоўнікаў у нас вобмаль, што узус г. зв. літаратурнае мовы паводле свайго нутранога ладу далёкі ад праўдзівае народнае беларускае мовы, што ўсё больш і больш тэкстаў, якія, можна сказаць, напісаныя на ўмоўна беларускай мове. Нават народная трасянка часамі больш беларуская з грунту, чымся мова новых літаратурных тэкстаў (у тым ліку й на “тарашкевіцы”). Балазе, ёсьць літаратура, і дасавецкая й савецкая, створаная людзьмі, якія ведалі мову з маленства, бралі яе “зь першых рук”. Так, у іх маўленьні часамі пануе хаос, але ў тым і заданьне наша, каб скупаваць увагу толькі на добрым.

 

Гэты слоўнічак – плён ці не пятнаццацігадовай рэдактарскай працы. Я ніколі не выкідваў старых карэктураў, фіксаваў усе найхарактэрнейшыя, а таксама найцікавейшыя абмылы, хібы ды іх выпраўленыя адменьнікі, складваў гэтыя матар’ялы, сыстэматызаваў. Прапанаваныя пераклады не прэтэндуюць на вычарпальнасьць, характарыстыкі – на паўнату, а слоўнічак – на дакончанасьць. Але тут можна знайсьці тое, чаго больш нідзе няма, або наадварот, тое, што шмат разоў паўтаралася, але ўсё ніяк не засвойваецца ў атмасфэры перанасычанай расейскім уплывам.

 

Пераклад з умоўна беларускае мовы на беларускую вымагае адумысных мадальных пазнакаў, якія ў традыцыйных перакладных слоўніках не практыкуюцца. Рэч у тым, што розныя рэкамэндацыі маюць розную ступень абавязковасьці, а розныя заганы мовы й маўленьня маюць розную ступень “заганнасьці”, кантэкставай дарэчнасьці. Ёсьць тэксты “экстрэмальна-слушныя” без увагі на сацыяльны асяродак. А ёсьць тэксты, якія ствараюцца з разьлікам на афіцыйны асяродак функцыянаваньня, гэта не апраўдвае ў іх элемэнтаў “трасянкі” – таму найстрашнейшыя заганы мусяць выпраўляцца й там.

 

Бальшыня артыкулаў даюцца проста – зьлева ад працяжніка слова заганнае, а справа ад працяжніка (тоўстым шрыфтам) – добрае. Артыкулы з мадальнымі пазнакамі ёсць чатырох катэгорыяў: пажадана – правы варыянт пажадана ўжываць, але, на жаль, ня ў кожным сацыяльным кантэксьце ён можа быць прыняты; лепш – значыць, левы варыянт у пэўным сацыяльным кантэксьце можна пакінуць, але ў ідэале – правы лепшы; часьцей – левы варыянт дапушчальны, але ў маўленьні часьцей варта ўжываць правы, як гэта прынята ў народных гаворках; розьняцца – значыць, трэба зьвярнуць увагу на ўсе варыянты справа, бо безварыянтнае ўжываньне левага слова часьцяком спараджае калькі. Бальшыня пазычаньняў і калек, якія існуюць, – з расейскае мовы, таму яны практычна не пазначаюцца, затое пашыраныя ў сучасным узусе палянізмы й украінізмы ў слоўніку пазначаюцца заўжды. Асобныя пазнакі ўведзены для слоў “ірацыянальных”, заганных у сваёй словаўтваральнай мадэлі, а таксама, для аўтарскіх рэкамэндацыяў.

 

 

Прынятыя скароты: белар. – беларускае слова; гл. – глядзеце; ірр. – іррацыянальнае ўтварэньне; к.-маск. – калька-маскалізм; маск. – маскалізм; памян-люб. – памяншальна-любосная форма; перан. – пераноснае значаньне; прр. – прыраўнайце; прыназ. – прыназоўнік; прысл. – прыслоўе; рас. – расейскае слова; стар. – старое беларускае слова; узмац. – узмацняльная форма; укр. – украінізм; * – аўтарская інавацыя.

 

абавязацельства, абавязальніцтва – забавязаньне

абараняць – лепш: бараніць

абаснавацца – асталявацца

абвергнуць – зьняпраўдзіць; аспрэчыць; адклікаць

абвінавачваць – зьвінавачваць

аб'ём – пажадана: абсяг; абыймо

абладаць уладаць, валодаць

аблачэньне – шаты; уборы

абліцаваць – абкласьці; аздобіць

абматаць – абкруціць; абгарнуць

абрадаваць – узрадаваць

абшчына – грамада; злучына

аб'явіць – абвясьціць (прр.: “яўленьне”)

аб'яднаць – часьцей: зьяднаць; задзіночыць

аб'ядноўваць – часьцей: яднаць; адзіночыць

абясцэніцца – зьняцэніцца

аб'яўляць – абвяшчаць (прр.: “яўленьне”)

аглядацца – разглядацца (на бакі); абглядацца (з бакоў); аглядацца (назад)

адзінадушша – згода

адключыцца – вымкнуцца; адлучыцца; перан. забыцца; зьнепрытомець

адключыць – (сьвятло) вымкнуць; (ваду) адлучыць; закруціць

адламваць (дубец)ламаць

адлыньваць – агіляцца

адматать (праехаць)выгнаць; вымчаць

адмяняць – касаваць, скасоўваць (гл.: “відазьмяняць”; “разнавіднасьць”)

адначасова – лепш: адначасна

адносіны – стаўленьне; дачыненьні

адобрыць – ухваліць

адправіцца (у дарогу)пайсьці; выправіцца

адпраўляцца – ісьці; выпраўляцца; рушыць (далей)

адпусьціць (бараду)адгадаваць

адстаяць – адбараніць

адстойваць – бараніць

адсутнасьць – нябытнасьць (чалавека); немень (рэчы); нястача

адсутнічаць – ня быць

адчай – роспач (у адчаі – роспачна)

адчайны – роспачны; шалёны, рызыкоўны; страшэнны

адчайны(-ая) – раскола

адчытваць (каго)выгаворваць (каму)

ажыцьцявіць – ужыцьцявіць; з’ісьніць

ажыцьцяўляць – ужыцьцяўляць; ісьніць

азлоблены – узлаваны; злосны

аказацца І (кім)быць; выявіцца; стацца, стаць, застацца

аказацца ІІ (дзе)апынуцца; знайсьціся; папасьціся

аказваецца – выходзіць; выяўляецца

акалець – здохнуць

анямець – зьнямець

апасацца – асьцерагацца; высьцерагацца

апасеньне – перасьцярога; засьцярога

аплочваць – сплачваць

аплявуха – поўха; пляскач

апрануць – адзець; (паліто) апрануць; (шапку) надзець; (боты) абуць

асьмеліцца – часьцей: адважыцца; наважыцца

атрымліваецца (як вынік)выходзіць

атрымлівацьатрымваць, атрымоўваць; лепш: адзержваць

ахопліваць, ахапляць – розьняцца: абымаць; абхапляць; агарняць

ацэнка – ацэна; ацэньваньне

ачыстныачышчальны

ашаломлены – агаломшаны; зьнячэўлены

ашарашыть – зьнячэвіць; зьбянтэжыць

багаслужбовынабажэнскі

багаслужэньненабажэнства

 

Collapse )

Гульня Civilization VI па-беларуску

Пераклад да вядомай стратэгічнай гульні Цывілізацыя VI Сіда Мэера з'явіўся тут. Перакладзены тэкставы інтэрфейс і паведамленні гульні. Не перакладзена Цывілапедыя, няма беларускай агучкі.
Collapse )

Дадатак 31.12.2017: пераклад абноўлены. Дзякую ўсім за заўвагі! Віншую з Новым 2018 годам і Калядамі!

Дадатак 8.01.2018: пераклад абноўлены. Галоўным чынам, падпраўлены паведамленні, дзе збіваўся рэгістр пачатковых літараў у словах.

Дадатак 25.02.2019: пераклад абноўлены. Перакладзена Civilization VI Gathering Storm, версія гульні 1.0.0.290.
Yin-Jan

Разбуральнікі мітаў. Мяжа акіянаў



Вада ракі Фрэйзэр уліваецца ў пратоку Джорджыі.


Гэтае відэа называецца «Калі рака сустракаецца з акіянам (вада ракі Фрэйзэр уліваецца ў пратоку Джорджыі)». Аднак яго працягваюць бяздумна распаўсюджваць як «лінію разьмежаваньня Атлянтычнага і Ціхага акіянаў, дзе яны сустракаюцца, аднак ніколі не зьліваюцца».



Boundary between coastal waters influenced by glacial weathering (light blue) and offshore waters of the Gulf of Alaska (darker blue). Photograph by Ken Bruland.
Мяжа між прыбярэжнымі водамі зь ледавіковымі наносамі (сьвятлейшыя) і адкрытымі водамі затокі Аляскі (цямнейшыя). Фатаздымак Кена Брулэнда.



Гэтае фота зробленае ў 2007 року падчас навуковай экспэдыцыі на досьледнай судзіне «Томас Джы Томпсан», мэтай якой было вывучэньне ролі жалеза ў затоцы Аляскі, а таксама спосабу ягонага трапляньня ў Ціхі акіян. Гэты момант захаваў на фота Кен Брулэнд, прафэсар акіяналёгіі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Санта-Крузе, які быў у складзе экспэдыцыі.

Агромністыя віры, якія ўтвараюцца ля ўзьбярэжжа Аляскі, нясуць з сабой вялікую колькасьць пластовых пародаў зь Меднай ракі, славутай сваёй стронгай. Рака ўпадае ў затоку прынца Ўільямса, і разам з пародамі — іх называюць «ледавіковай мукой» — у затоку трапляе жалеза. З затокі акіянным цячэньнем ледавіковыя наносы падхопліваюць акіянныя плыні і нясуць далей, у затоку Аляскі.


A variation on the photo featuring the same phenomenon, taken by photographer Kent Smith while on a July 2010 cruise in the Gulf of Alaska.
Аўтар гэтага фатаздымку, Кэнт Сьміт, сам патлумачыў прычыну гэтага фэномэну, што зьменшыла колькасьць інсынуацыяў.


На фота акурат трапіла рачная вада з наносамі, якая ўцякае ў акіянскую ваду. Граніцы такіх водападзелаў пастаянна зьмяняюцца ў залежнасьці ад колькасьці наносаў і кірункаў акіянскіх плыняў. «Тое, што яны ня зьмешваюцца — гэта хлусьня,» — сказаў Кен Брулэнд: «З часам, калі вада з жалезьзем растворыцца ў акіяне, «мяжа» зьнікне, аднак у пэўны момант можна натрапіць на гэтыя добра заўважныя водападзелы».



Рака Місысыпі ўліваецца ў Мэксыканскую затоку.


Вось яшчэ адно падобнае відэа, зьнятае на ўліваньні водаў ракі Місысыпі ў Мэксыканскую затоку. Здагадаецеся, зь якога боку Місысыпі?

Наступным разам, пабачыўшы ў нэце распаўсюджваньне падобных плётак пра «месца сустрэчы двух акіянаў», можаце патлумачыць бедачынам навуковае тлумачэньне гэтага «фэномэну». На жаль, у эру інтэрнэту дэзінфармацыя і плёткі распаўсюджваюцца з хуткасьцю сьвету.


Крыніцы:


P. S. Вось, дарэчы, цікавы артыкул пра межы зямных акіянаў. Мо’ хто б пераклаў…